сумчатае млекакормячае, адзіны прадстаўнік сям. тылацынавых. Быў пашыраны ў Аўстраліі; пасля распаўсюджання там сабакі дынга захоўваўся да пач. 20 ст. толькі на в-ве Тасманія. Трапляўся ў лясістай мясцовасці. Апошнія звесткі пра С.в. адносяцца да 1940-х г.; верагодна, вынішчаны. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела да 130 см, хваста да 65 см. Афарбоўка шэра-жаўтаватая, па баках задняй ч. тулава 16—18 карычневых палос. Іклы і карэнныя зубы моцна развітыя. Тулава падоўжанае, канечнасці адносна кароткія, пальцаходныя, на задніх 1-ы палец адсутнічае. Вывадковая сумка адкрываецца назад. Нараджалася да 4 дзіцянят, выношваліся ў сумцы да 3 мес.